АСТРАХА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

татарская феад. дзяржава са сталіцай у Астрахані. Узнікла ў выніку распаду Залатой Арды, адасобілася ў 1459—60. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства. Уладу хана абмяжоўвалі феадалы. Падданае насельніцтва плаціла хану ясак. Барацьба за Астраханскае ханства паміж Крымскім ханствам і Нагайскай Ардой прывяла ханства да збліжэння з Расіяй і падпісання ў 1533 саюзнага дагавора. У 1554 рас. ўрад, зацікаўлены ў выхадзе да Каспійскага м., з дапамогай войска паставіў на чале Астраханскага ханства свайго васала Дэрвіш-Алі. Намаганне апошняга выйсці з-пад залежнасці ад Масквы выклікала новы паход рас. войскаў. У 1556 Астраханскае ханства далучана да Рас. Дзяржавы.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)